Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

31.08.2017

Нашей школе 55!

Школа… Якім цяплом і святлом, пяшчотай і радасцю напаўняецца сэрца, калі чуеш гэтае простае кароткае слова! 55 гадоў таму, 1 верасня 1962 года, пасля завяршэння будаўніцтва сярэдняя школа №3 г.Чэрвеня гасцінна расчыніла дзверы для сваіх вучняў.

Крокі станаўлення

На ўрачыстай лінейцы ў гонар адкрыцця новай установы адукацыі прысутнічалі рабочыя і майстры  будаўнічага трэста №1 Упраўлення №5, якія ўзводзілі на вуліцы Гарбачова прыгожы трохпавярховы будынак школы, прадстаўнікі раённай улады, райкама партыі, бацькі, вучні і настаўнікі.  З гэтай хвіліны пачалося жыццё школы…

З першых дзён настаўнікі пачалі ствараць згуртаваны школьны калектыў. Шмат увагі на класных і школьных сходах, піянерскіх зборах надавалася захаванню чысціні і парадку ў новым будынку і на школьнай тэрыторыі, выхаванню пачуцця гонару школы, выдатнай паспяховасці.

З’явіліся гурткі прадметныя і мастацкай самадзейнасці. Вучні актыўна ўключыліся ў работу спартыўных секцый, з’явілася жаданне абараняць гонар школы на спаборніцтвах.

Актывізавался жыццё камсамольскай і піянерскай арганізацый.  Кіраўніцтва школы ўкараніла вытворчае навучанне. Шэфы — работнікі леспрамгаса — выдзелілі для вучэбных мэтаў трактар ДТ-45, аўтамашыну ГАЗ-51. Разам з атэстатам сталасці вучні пачалі атрымліваць пасведчанні піянерважатай, аўтаслесара, шафёра-прафесіянала, таваразнаўцы.

Настаўнікі разам з вучнямі шмат працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі: былі зроблены клумбы, пасаджаны кветкі, дрэвы, кусты. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізікультуры Генадзя Захаравіча Няборскага пабудаваны спартыўны гарадок.

 Першы дырэктар, настаўнікі і вучнёўскі актыў

Першым дырэктарам быў Леанід Францавіч Камароўскі. Франтавік, шаноўны чалавек, з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам, ён з 1962 па 1981 год узначальваў школьны калектыў. Яго паплечнікі ў той час настаўнікі: Панасенка Я.Д., Елізарава С.І., Лабудзеў М.Д., Панасенка Л.С., Патапейка А.І., Гаўруковіч Л.І., Бугаеў С.А., Бугаеў Я.А., Корсак Г.К., Шубара В.Р., Бусловіч З.В., Кавалёў В.К., Лемеш Я.І. (Панцялеева), Шыдлоўская А.М., Гардон Б.Н. Старшыня мясцовага камітэта В.С.Хацкевіч, сакратар партарганізацыі А.Я.Крупень, старшая піянерважатая — С.Г.Мірончык, сакратар камсамольскай вучнёўскай арганізацыі — Людміла Карасік, старшыня Савета дружыны — Людміла Парфіяновіч.

 Першы раз у першы клас

Адна з былых першакласніц Валянціна Няхай (Клачко) прыгадвае:

— Першы школьны дзень… Хіба ж можна яго забыць? Столькі ўражанняў! Новая школа. На парозе нас сустракаў дырэктар Леанід Францавіч Камароўскі. Як яго завуць, нам сказалі адразу. Гэтага чалавека мы палюбілі на ўсё жыццё. Тата завёў мяне ў клас і пасадзіў з хлопчыкам. Яго звалі Андрэй Лісіца. Дзесяць гадоў праляцелі як адно імгненне. У памяці надзейна захоўваюцца яскравыя эпізоды, калі нас прынялі ў акцябраты, тады — у піянеры, і ў камсамол. Колькі было розных добрых спраў: цікавых мерапрыемстваў, працоўных дэсантаў, вечароў, паездак. Шмат дзяцей вучылася ў той час у школе. Толькі першых класаў было тры. Захаваўся здымак майго класа (2-га В), які зрабілі на наступны год. Некаторых маіх аднакласнікаў ужо няма ў жывых. Некаторыя жывуць у іншых мясцовасцях. Многія і з нашага, і з паралельных класаў У Чэрвені: Валя Новікава (Грыбко) увесь час працуе ў роднай школе поварам, Люда Няхай (Малашэнкава) таксама ў роднай школе працуе настаўнікам фізічнага выхавання, Валодзя Мірановіч працуе на вузле сувязі, Таня Красоўская, Аня Паўловіч, Люда Камейка, Люда Строгая, Іра Сасункевіч, Іра Гараўская, Павел Шчэрба, Света Ільмоўская, Света Шыдлоўская, яе мама Алена Максімаўна Шыдлоўская была нашай першай настаўніцай. З Галяй Панасенка перапісваемся ў «Аднакласніках». У 2002 годзе мы збіраліся на свой юбілейны 30-ы год выпуску. З радасцю прыгадваю гэты момант: з намі тады быў наш дарагі дырэктар Леанід Францавіч…

 Першы выпуск

Ён адбыўся толькі ў 1965 годзе, таму што ў год адкрыцця школы не было двух старэйшых класаў. Выпускніца гэтага года Людміла Мікалаеўна Шыкеля (Карасік), дарэчы першая залатая медалістка, прыгадвае:

— У новай школе мы былі дзевяцікласнікамі — самымі старэйшымі вучнямі. Гэта наклала адбітак і на нашы паводзіны. Адразу мы адчулі адказнасць: на нас павінны раўняцца ўсе астатнія вучні, хаця гарэзлівасці і запалу ў нас было шмат. З першых школьных дзён мы дружна ўзяліся за работу: разам з нашай настаўніцай біялогіі Яўгеніяй Іванаўнай Панцялеевай абсталявалі цяпліцу, зрабілі кветнікі, добраўпарадкавалі тэрыторыю.  Памятаю, як рыхтаваліся да першага Новага года. Настаўнік малявання Аляксандр Іосіфавіч Патапейка намаляваў вялікія вітражы з казачнымі персанажамі, якімі мы закрылі вокны, з марлі, якую афарбавалі ў сіні колер, на сцэне змайстравалі сімвалічнае навагодняе неба з зоркамі. Было вельмі прыгожа.

У школе быў цудоўны вакальна-інструментальны ансамбль. Угаварылі Леаніда Францавіча купіць музычныя інструменты. Вельмі любілі арганізоўваць вечары. Зараз гэта — дыскатэка. А ў нас была жывая музыка. А якая была мастацкая самадзейнасць! Амаль усе спявалі і танцавалі. Танцам нас вучыла Людміла Іосіфаўна Лечко.

Мы сябравалі з кубінцамі, перапісваліся з імі. Нават клас свой аформілі ў кубінскім стылі. Мы вельмі любілі сваю школу, мы жылі ў ёй!

Радуе тое, што ёсць яшчэ нашы першыя настаўнікі: В.Ф.Скалабан, З.В.Бусловіч. Жыве ў сям’і дачкі Я.І.Панцялеева. Светлая памяць тым, хто пайшоў з жыцця.

Многіе мае аднакласнікі атрымалі вышэйшую адукацыю. Сярод нас — настаўнікі, урачы, інжынер і лётчык. На жаль, рады нашы з часам парадзелі… 

 Захаванне спадчыны

У школе трапятліва захоўваюць дакументы і  фотаздымкі. Да юбілейнай даты аформілі музейны пакой, які назвалі «Летапіс школы». Кожны, хто вучыўся, або працаваў у гэтай навучальнай установе і  завітае ў яго, знойдзе для сябе штосьці сваё. Вось у шматлікіх альбомах фотаздымкі: школьныя піянерскія лінейкі, вакальна-інструментальны ансамбль,  мітынг, Першамай, канцэрт, на уборцы бульбы ў падшэфнай гаспадарцы — калгасе «Бальшавік», на ўроках гісторыі, рускай літаратуры, роднай мовы, фізікі, англійскай мовы, пазакласныя мерапрыемствы, жывы куток. Фотаздымкі з паходаў, піянерскіх злётаў, гульні «Зарница»…

Танцавальны гурток, якім кіравала бібліятэкар школы Ніна Антонаўна Рачыцкая, наведвала шмат вуняў. Падчас першамайскіх дэманстрацый на плошчы танцавала амаль уся школ. У бібліятэцы шчыравала Алена Аляксееўна Шульга. Кнігі карысталіся попытам, па іх праводзіліся дыспуты і гутаркі.

  Аформлены стэнд, на якім прозвішчы і фотаздымкі ўсіх кіраўнікоў школы. Пасля Леаніда Францавіча Камароўскага імі былі: Міхаіл Іванавіч Краснагір (1981-1983 г.г.), Ганна Казіміраўна Корсак (1983-1990), Міхаіл Васільевіч Самец (1990-1996), Сяргей  Іванавіч Суша (1196-2000), Андрэй Пятровіч Батурчык (2000- 2003), Ніна Дзмітрыеўна Тур (2003-2014). З 2014 года школьным калектывам кіруе Алена Валер’еўна Жыгімонт.

Стэнд «Любімыя нашы настаўнікі». З фотаздымкаў розных гадоў ласкава глядзяць вочы настаўнікаў: А.А.Плісікава, В.Б.Карпавай, Л.М.Ганчарыка, В.Я.Ганчарык, Л.Д.Дылейка, Н.М.Кацько, Г.А.Пятровіч, В.В.Ефіменка, Г.Д.Александровіч, Г.І.Гурынай, Т.Я.Калтовіч, У.Ф.Калтовіча, Н.П.Шмідавай,  Я.М. Адуцкевіча, Г.А.Завадскага, В.І.Завадскай, А.А.Фільчук, В.В.Русак, Г.У.Тамковіч, Л.А.Яблонскай, Ю.НМ.Сударыкавай, Г.Ю.Гамеза, Г.М.Стопкінай, Н.У.Пабойкінай, Э.М.Капанец,  Г.Ю. Гурыновіч, Л.М.Кабзарэнка, Т.П.Малішэўскай, В.Б.Ніціеўскай, Р.І.Карасік, Т.П.Дземідовіч, Л.М.Маруга, Л.В.Адуцкевіч, Т.М.Марошак, В.А.Чарвінскай, А.І.Марозава, Т.В.Грачок, В.Г.Грачка, Т.Е.Суша, А.В.Аношкі, В.Л.Юшкевіча, Н.У.Салычавай, Л.І.Тарасёнак, І.А.Грамыка, Р.М.Грудзінскай, П.І.Бабіча, Ж.Ф.Івановай.

Многія настаўнікі перадалі ў школьны музей свае ўзнагароды — Граматы і Дыпломы за добрасумленную працу і добрую падрыхтоўку вучняў да алімпіяд і конкурсаў.

Ганарыцца школа сваімі выпускнікамі: залатымі і сярэбранымі медалістамі, выдатнымі спартсменамі. На стэндзе «Алімп славы» — іх прозвішчы.

У школе шмат увагі надавалі і надаюць дзіцячаму і моладзеваму руху. Акцябраты, піянеры, камсамольцы ў сваіх радах аб’ядналі лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення. У музеі захоўваюцца альбомы піянерскай дружыны імя Марата Казея, у якіх — летапіс піянерскай арганізацыі, шматлікія фотаздымкі, на якіх — удзел вучняў у розных піянерскіх і камсамольскіх справах.

Асобны стэнд прысвечаны дзейнасці адзінага ў раёне клуба ЮНЕСКО «Факел». На стэндзе «Мыслим в масштабах космоса» — расповед аб удзеле вучняў у Міжнароднай касмічнай алімпіядзе і Гагарынскіх чытаннях у г.Каралёве Маскоўскай вобласці.

За гады існавання школа выпусціла шмат вучняў, якія сталі сумленнымі людзьмі, выдатнымі спецыялістамі і працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Выпускнікі школы — былыя ваенныя і маракі, інжынеры і эканамісты, настаўнікі і будаўнікі. Яны амаль у кожнай рэспубліцы былога Саюза.

На асобным стэндзе ў фае прозвішчы тых, хто ў розныя гады, скончыўшы трэцюю школу і атрымаўшы спецыяльнасць, вярнуўся ў родны горад і добрасумленна працуе ў розных установах раёна: Уладзімімр Ніціеўскі, начальнік аддзела будаўніцтва і архітэктуры Чэрвеньскага райвыканкама, Людміла Пасудзеўская (Аношка), старшыня Калодзежскага сельвыканкама, Галіна Грынько, загадчык дзіцячага садка №1 г.Чэрвеня, Эла Барысава (Рэдзько), дырэктар Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, Сяргей Купровіч, дырэктар ПМК-237 унітарнага прадпрыемства «Мінскаблсельбуд», Аляксей Семко, дырэктар нарыхтоўчай канторы Чэрвеньскага райспажыўтаварыства, Аляксандр Івашкевіч, начальнік ДАІ Чэрвеньскага РАУС, Людміла Сакава, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорта і турызма Чэрвеньскага райвыканкама, Анатоль Ульянаў, дырэктар прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Чэрвеньскаму раёну, Святлана Качэрская (Шмідава), галоўны спецыяліст апарата кіравання аддзела адукацыі, спорта і турызма, Наталля Гарлоўская (Баркун), намеснік дырэктара па вучэбнай часці СШ№3, Галіна Тамковіч (Белабародава), сакратар камісіі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага райвыканкама, Таццяна Гамеза (Сушкевіч), педагог-арганізатар СШ №3, кіраўнік клуба «Факел», Ірына Вабішчэвіч (Забаўчык), старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, Святлана Кацько, галоўны быхгалтар Чэрвеньскага райвыканкама, Алена Савіч (Розум), загадчык Любішынскага дзіцячага садка, Алег Елін, загадчык інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы, Кацярына Ганчарык, вядучы спецыяліст Суда Чэрвеньскага раёна, Галіна Осіпава, загадчык дзяржаўнай натарыяльнай канторы.

 Успаміны, успаміны…

Настаўніца англійскай мовы Ніна Мікалаеўна Кацько (адпрацавала ў школе 50 гадоў — с 1964 па 2014 год) прыгадвае:

— Прыязна сустрэлі мяне ў калектыве. Працаваць было цікава і камфортна пры ўсіх кіраўніках школы, бо кожны з іх унёс у яе развіццё нешта сваё. На жаль, цяпер працуе ў іншай сферы былы дырэктар школы Андрэй Пятровіч Батурчык. Чалавек быў на сваім месцы. А яшчэ больш ён быў патрэбны як настаўнік матэматыкі, таму што гэта — спецыяліст высокага класа, ён умеў знайсці падыход да кожнага вучня, быў патрабавальным. Ніна Дзмітрыеўна Тур умела спалучала адукацыйны працэс з гаспадарчымі работамі. За перыяд яе работы ў школе зроблены рамонт: заменены вокны, дзверы, адрамантаваны класы. Вучні паважалі яе за чулыя і мацярынскія адносіны.

У 80-я гады англійскай мовай сталі больш цікавіцца вучні. Ужо не чула ад іх: «Нашто мне гэта мова, за мяжу я не паеду». Працаваў кабінет англійскай мовы, быў створаны лінгафонны кабінет. У іх афармленні прымалі ўдзел і самі вучні. Мы былі ў ліку першых у раёне ў той час па выніках работы ў гэтым накірунку. Працаваў КІД (клуб інтэрнацыянальнай дружбы). Да 100-дзя з дня нараджэння У.І.Леніна мы рыхтавалі тэму «Жыццё і дзейнасць У.І.Леніна за мяжой». Перапісваліся з адпаведнымі клубамі ў Фінляндыі, Францыі, Польшчы, Швейцарыі, Англіі. Атрымлівалі пісьмы і пасылкі. Асабліва цікавы матэрыял нам даслалі з Лондана, з Брытанскага музея, у бібліятэцы якога доўга працаваў Ленін.

Шмат восенню працавалі вучні старэйшых класаў на сельгасработах у калгасе. На заробленыя грошы вандравалі па вялікай краіне — былому Савецкаму Саюзу: наведалі гарады Маскву, Ленінград, Кіеў, Ульянаўск, Севастопаль і іншыя.

Ганаруся сваёй школай, сваімі вучнямі. Вось і зараз адна з апошніх маіх вучаніц Марыя Пац вучыцца на трэцім курсе лінгвістычнага ўніверсітэта, вывучае англійскую і карэйскую мову.

Сённяшні дырэктар школы  Алена Валер’еўна Жыгімонт працягвае добрыя школьныя традыцыі. Мы, былыя настаўнікі, ужо ведаем, што ў школе створаны музей да юбілею, чакаем з нецярпеннем тую ўрачыстую хвіліну, калі зможам яго наведаць…

 Сённяшні дзень

 У 2017-2018 навучальным годзе за школьныя парты сядзе 221 вучань.  Акрамя вучэбнага працэсу, які ажыццяўляецца ў добра абсталяваных вучэбных кабінетах, спартыўнай і актавай залах, у школе дзейнічае вучнёўскае самакіраванне — Рэспубліка  «МІК» (Мудрыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя), якое рэалізуецца праз Міністэрствы: дысцыпліны, інфармавання, санітарнага становішча, здароўя і спорту, дзелавога стылю, вучобы і прэс-цэнтр. Кіруе Рэспублікай «МІК» — Прэзідэнт, які выбіраецца з вучняў. Арганізавана работа па аказанню дадатковых адукацыйных паслуг: факультатыўных заняткаў, заняткаў на платнай аснове па падрыхтоўцы да здачы ўступных экзаменаў у форме цэнтралізаванага тэсціравання.

На базе нашай школы рэалізуецца пілотны сацыяльна-адукацыйны праект  «Access-возможности для всех», працуе клуб ЮНЕСКО «Факел», функцыяніруе сямейны клуб «Шлях да разумення». У школе працуюць два музеі: краязнаўчы і музей баявой славы.

Калектыў школы працуе таксама па праекту «Мы розныя — мы роўныя», у рамках якога вучні і настаўнікі супрацоўнічаюць з калектывам Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Праводзяцца сумесныя мерапрыемствы, заняткі. Вучні наведваюць дзіцячы дом, а выхаванцы дзіцячага дома бываюць у нас. Дзейнічае дзіцячы цэнтр, акцябрацкая і піянерская арганізацыі, БРСМ.

Жадаем і надалей калектыву настаўнікаў і вучняў  працаваць натхнёна, знаходзіць новае ў рабоце, атрымліваць ад яе задавальненне. Здароўя ўсім, поспехаў і шчасця. З юбілеем, школа!

Разделы сайта